
Мікалай Лукашэнка загаварыў пра свайго бацьку, братоў і самога сябе. Цяпер хлопец рэгулярна выходзіць на сцэну ў рамках канцэртаў Марафона адзінства, які праводзіцца ў падтрымку яго бацькі перад выбарамі прэзідэнта. Перад выступленнем у Віцебску Мікалай даў невялікае інтэрв’ю беларускай прапагандзе, з якога мы выбралі некалькі цікавых момантаў.
Напрыклад, Коля абсалютна ўсур’ёз назваў свайго бацьку «вялікім чалавекам», а сябе яго «абсалютнай копіяй». Улавілі думку?
«Вядома, я часта выказваю сваё меркаванне. І таму мяне можна назваць „апазіцыянерам“. Але я не магу быць апазіцыянерам у адносінах да дзяржавы і яе кіраўніка, таму што я яго абсалютная копія. Некаторыя людзі кажуць, што я адрозніваюся ад свайго бацькі. Але гэтыя людзі ці не ведаюць мяне, ці не ведаюць майго бацькі».
І вось што Коля кажа далей:
«Кіраўнік дзяржавы гаспадарчы, жорсткі, ён прэзідэнт краіны. І я лічу яго вялікім чалавекам. Мы з вамі кожны дзень бачым плён яго працы. А я бачу, як ён непасрэдна ствараецца».
Цікава таксама, што Коля вылучыў сябе сярод іншых сыноў Лукашэнкі. Юнак заявіў, што ў іх сям’і ўсе цягнуцца за бацькам, але падкрэсліў:
«Уся сям'я задзейнічана ў тым, чым займаецца кіраўнік нашай сям'і, кіраўнік нашай дзяржавы. Хтосьці менш, хтосьці больш, але мы трапляем у той жа лад жыцця, што і ён. А я, асмелюся сказаць, ледзь не ў большай ступені, чым іншыя».